Спраектаваў будынак у 1924 годзе Станіслаў Шабунеўскі. Гэта маштабная пабудова была зроблена з дрэва, пры дэфіцыце цэглы ў 1920-х гадах яно часта ўжывалася для будаўніцтва нават буйных грамадскіх аб’ектаў Гомеля.
Галоўны ўваход у двухпавярховы будынак быў вылучаны рызалітамі, балконы аб’ядноўвалі ўвесь працяглы фасад. У клубе размяшчаліся сцэна і зала амаль на тысячу месцаў, партэр, амфітэатр, балконы. У левай частцы знаходзілася студыя выяўленчага мастацтва, у правым — бібліятэка і гурткі. Як высветліў гісторык Яўген Малікаў у старажылаў, будынак клуба размяшчаўся недалёка ад чыгункі і замыкаў перспектыву вуліцы Лібаўскай (зараз вуліца Шаўчэнкі). У гады вайны клуб згарэў. Сёння на гэтым месцы разваротная пляцоўка гарадскіх аўтобусаў каля аўтавакзала.