Пры аднаўленні разбуранага Менску ў першыя пасляваенныя гады прыярытэтнымі былі працы над узорным ансамблем праспекта Сталіна і забудова бліжэйшых да яго кварталаў. Дэфіцыт матэрыялаў і будаўнічай тэхнікі не дазваляў у кароткі тэрмін вырашыць жыллёвую праблему насельніцтва цэлага горада, таму ўзвядзенне прыватных дамоў на вызначаных уладамі пляцах атрымала шырокую практыку ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. "Арлоўка" - адзін з прыкладаў "маладых" раёнаў горада, забудаваных архітэктурай, традыцыі і прыёмы каторай былі сфармуляваны яшчэ ў дасацыялістычныя часы.