Царква ў вёсцы Мікасецак, пабудаваная ў 1926 годзе з дрэва на сродкі мясцовага пана Чарняўскага і асвячоная ў гонар Святой Тройцы.
Па ўспамінах мясцовых жыхароў, першымі святарамі былі Мароз, Пілікоўскі. Пры царкве існаваў прытулак для хлопчыкаў-сірот, колькасць якіх вагалася ад 15 да 20.
Царква ніколі не зачынялася, бо з 1932 па 1944 год настаяцелем у храме быў Барыс Піліхоўскі, які быў сувязным партызанскай брыгады. У вайну матухна Ксенія арганізоўвала прыгатаванне ежы на 300 партызан. У гады ВАВ храм наведваў нават П.М. Машэраў. Пазней у царкве служыў іерэй Васіль Савіч Лінкевіч.
Зімой 1947 года у папоўскі дом, які належаў гэтай царкве, перасялілася сям'я Лапіцкіх. Удава святара Кабыльніцкай царквы Настасся разам з сынам была выселеная сюды з Кабыльніка, бо іх дом аддалі мясцоваму участковаму. У зіму Лапіцкім дапамаглі дабрацца ў Мікасецак праз замерзлыя азёры Нарач i Мястру на санях добрыя людзі. Жыла сям'я дужа бедна.
27 чэрвеня 1999 года прастол храма асвяціў мітрапаліт Філарэт. Святыня дзейнічае.