Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудавана ў 18 ст. з дрэва як уніяцкая, перабудавана ў сярэдзіне 19 ст.
Першапачатковы храм адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1864 г.
Помнік народнага дойлідства. Асноўны прамавугольны зруб і пяцігранная апсіда з бакавымі нізкімі рызніцамі, накрыты агульным гонтавым дахам з застрэшкамі ў месцы злучэння аб'ёмаў і цыбулепадобнай галоўкай па цэнтры. Да галоўнага фасада ў 19 ст. дабудавана двух'ярусная васьмерыковая шатровая званіца. На фоне вертыкальнай шалёўкі сцяны вылучаюцца стральчатыя аконныя праёмы ў разных ліштвах.
На званіцы знаходзіцца падпісны медны звон 1583 г., адліты ў г. Коўна майстрам Марцінам Гофманам за кошт мсціслаўскага кашталяна Сымона Война — уладальніка Моладаўскага маёнтка (на звон нанесены герб Войнаў). Быў перанесены з папярэдняй царквы.