У 1920-я гады ў Залінейным раёне горада на вуліцы Катоўскага была пабудавана школа для дзяцей чыгуначнікаў. У 1924 годзе быў распрацаваны ягоны праект інжынерамі П.В. Івановым і П.Т. Смірновым, зацверджаны губінжынерам С.Д. Шабунеўскім. Цікава, што цэнтральная мураваная частка школы была выканана з рысамі класіцызму, а фасады бакавых драўляных крылаў спалучалі элементы традыцыйнага домабудавання з архітэктурай станцыйных пабудоў чыгункі.
Падчас нямецкай акупацыі ў школе размяшчаўся лазарэт. Да вызвалення Гомеля будынак быў спалены. У выніку ад яго застаўся толькі каменны фасад, які пасля быў знесены. У 1960-х гадах на месцы будынка была ўзведзена новая трохпавярховая школа па тыпавым праекце.