Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Паручын знаходзілася Свята-Пакроўская, шостага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1783 годзе каталіцкім слонімскім свяшчэннікам Якавам Кабылінскім.
Адназрубны будынак пад двухсхільным дахам з прытворам і пяціграннай апсідай, па баках якой дзве рызніцы. Фасад вырашаны плоскім прамавугольным у плане двух'ярусным прытворам-званіцай, завершаным макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
У інтэр'еры апсіда вылучана іканастасам. Над уваходам галерэя хораў на двух слупах. Сцены расчлянёны брусамі-сцяжкамі. Абраз «Маці Божая з дзіцем» (канец 18 ст.), Евангелле 18 ст. Перад храмам пастаўлена чатырохслупавая званіца пад двухсхільным пакрыццём.