Узведзены ў пачатку мінулага стагоддзя, млын уяўляе сабой сапраўдны музей старадаўніх тэхналогій. Тут да нашага часу захаваліся ўсе асноўныя механізмы. Турысты могуць убачыць каменныя жорны, вал, апорныя слупы, драўлянае кола сістэмы кручэння і гэтак далей. Ёсць нават спецыяльны балкон, куды падымалі мяшкі са збожжам. На адным з жорнаў ёсць дата: «1979 23-8». Значыць, працаваў вятрак не так яшчэ і даўно.
Па даведніках вызначылі тып збудавання. Аказваецца, канструкцыя млына называецца «казлоўка». У Еўропе такія называлі «нямецкімі». Каб «злавіць» вецер, у адпаведным напрамку паварочвалася ўсё збудаванне. Пры гэтым нагрузка на аснову пабудовы была вялікая. А вытрымаць яе маглі трывалыя козлы, якія ляжалі на ўмацаваным фундаменце.
Нас уразілі адхоны і драўляныя бэлькі, на якія абапіраўся механізм. Кожная з іх зроблена са ствала дрэва і замацавана жалезнымі абручамі. Вертыкальна мацуецца дубовы брус. Нават не верыцца, што такая махіна магла ўручную паварочвацца ў гарызантальнай плоскасці ў любым напрамку.
У нашым млыне каштоўнае тое, што ён цалкам аўтэнтычны (арыгінальны). Яго «калегі», якія «перасяліліся» ў турыстычныя комплексы і музеі пад адкрытым небам, адаптаваныя і мадэрнізаваныя на патрэбу наведвальнікам. Наш жа выступае своеасаблівым стандартам. Таму ён і прыцягвае ўвагу цікаўных маладзечанцаў і гасцей раёна. Як паведамілі мясцовыя жыхары, ля млына нават праводзяцца вясельныя фотасесіі. Шкада толькі, што збудаванне паступова разбураецца.
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Першыя ветракі з’явіліся на Блізкім Усходзе ў VII стагоддзі. Пачынаючы з XII стагоддзя ветраныя млыны атрымліваюць распаўсюджванне ў Заходняй Еўропе. Першыя звесткі аб ветраных млынах («вежах млынавых») на тэрыторыі Беларусі адносяцца да XVI стагоддзя.
У Мінскай губерні ў 1840 годзе было 315 ветракоў. У пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя ў Гродзенскай губерні дзейнічала 347 ветраных млыноў. Некалькі тысяч ветраных установак налічвалася ў БССР у 1950-я гады.
Існавала павер’е, што млынар звязаны са стыхіямі вады і паветра. Таму сяляне надзялялі яго звышнатуральнымі, у тым ліку, вядзьмарскімі здольнасцямі. Людзі верылі, што млынар можа вызначыць па збожжы, прывезеным на памол, ведзьмака або ведзьму, якія «зжалі» чужое поле і забралі чужы хлеб. Часта ад яго залежала рэпутацыя таго ці іншага селяніна.
Крыніца: https://mgazeta.by/kultura/item/6202-u-maladzechanskim-rajone-josts-nyametski-mlyn.html