Помнік народнага дойлідства, храм базілікальнага тыпу. Вырашана працяглым прамавугольным у плане зрубам, накрытым вальмавым дахам, завершаным па цэнтры цыбулепадобнай галоўкай. З усходу далучана пяцігранная апсіда з бакавой рызніцай, з захаду — прамавугольны прытвор, над якім у другой палавіне XX стагоддзя ўзведзена двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках, апяразаны цокальным поясам з вертыкальнай шалёўкай.
Зала перакрыта плоскай столлю па бэльках, апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1830-я гады.