Падоўжаны аднанефны аб'ём з трансептам у сярэдняй частцы, утвораны дзвюма пяціграннымі больш нізкімі бакавымі прыбудовамі-капліцамі. У канцы алтарнай часткі нефа (з паўночнага захаду) вылучаныя перагародкамі тры сакрысціі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершаная атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораныя дзвюма двух'яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Неф накрыты ламаным гонтавым дахам з вежачкай над алтарнай апсідай, бакавыя прыбудовы — вальмавымі. Сцены ашаляваныя гарызантальна, расчлянёныя высокімі прамавугольнымі і лучковымі аконнымі праёмамі, умацаваныя вертыкальнымі брусамі-лапаткамі.