"У 1890 годзе Міхал Міцкевіч, радзівілаўскі ляснік, у чарговы раз змяніў месца жыхарства. 22 красавіка 1890 года ён прыняў Альбуцкую сядзібу, якая стала чацвёртым месцам службы. Архіўныя матэрыялы падаюць гэтую мясціну пад назвай Альбута. Незабыўныя малюнкі дзяцінства і юнацкіх гадоў (Якуб Колас жыў тут з 1890 па 1902 гг.) сталі асновай і тым падмуркам, на якім мацнеў і вырастаў талент паэта.
У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчына, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам. Альбуцкія мясціны паэт уславіў у многіх творах. У паэме "Новая зямля" Альбуць апісана як Парэчча.
У 1990 годзе ў адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы "Новая зямля". Экспазіцыя знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі, выданнямі паэмы розных гадоў, прадметамі побыту сялян ХІХ – ХХ стст. Як працяг да паэмы "Новая зямля" – выстаўка "Пчалярства і рыбалоўства", размешчаная ў адноўленым гумне. Тут можна бачыць рэдкія на сённяшні дзень прылады пчалярства і рыбалоўства, якімі, не выключана, мог карыстацца і дзядзька Антось." (yakubkolas.by).