Помнік народнага дойлідства. Будынак царквы чатырохчасткавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі: нізкі прытвор, прамавугольны ў плане бабінец з двух'яруснай (нізкі васьмярык на чацверыку) шатровай званіцай, кубападобная малітоўная зала, прамавугольная апсіда з рызніцай. Шацёр званіцы і двухсхільны дах апсіды завершаны цыбулепадобнымі макаўкамі. Асноўны аб'ём накрыты двухсхільным дахам, яго бакавыя фасады расчлянёны вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі і лучковымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах у форме какошнікаў. Гарызантальна ашаляваныя сцены апяразаны аркатурнымі фрызамі. Пазбаўлены дэкору інтэр'ер мае выразную прасторавую арганізацыю за кошт узаемасувязі рознавялікіх памяшканняў.
https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D1%80%D0%BE%D1%96%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%86%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B2%D0%B0_(%D0%9A%D0%BD%D1%8F%D0%B3%D1%96%D0%BD%D1%96%D0%BD)