Пабудавана ў 1912 годзе з дрэва (праект 1907 губернскага епархіяльнага архітэктара Шпакоўскага). Паводле загаду імператарскай археалагічнай камicii папярэдні драўляны храм 1639 года быў захаваны i перанесены на новае месца.
Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя 4-часткавая: прытвор са званіцай, бабінец, малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі.
Асноўны аб'ём завершаны 8-гранным светлавым барабанам, накрытым шатром з галоўкай. Чатыры гранi барабана завершаны невялікімі шатрамі на трапецападобных франтонах з дыяганальнымі сцяжкамі. Званіца выступае на франтальным фасадзе неглыбокім рызалітам, мае вертыкальна выцягнутыя прапорцыі i завершана макаўкай. Прамавугольны праём галоўнага ўвахода завершаны 2-схільнай навіссю на фігурных брусчатых кранштэйнах. У афармленні фасадаў выкарыстана разнастайная шалёўка: вертыкальная ва фрызавай i цокальнай частках, гарызантальная — на цэнтральнай плоскасці. Высокія праёмы аформлены фігурнымі разнымі ліштвамі.
https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%B0-%D0%A3%D1%81%D0%BF%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%86%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B2%D0%B0_(%D0%A8%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D0%B0)