Знаходзіцца на поўнач ад вёскі. Пабудавана ў другой палове 18 ст. з дрэва.
Помнік архітэктуры стылю барока. Манументальны крыжова-купальны будынак 3-яруснай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Першы ярус — абхадная галерэя-гульбішча пад 1-схільным дахам, другі — 4-гранны аб'ём, завершаны па гранях 3-вугольнымі франтонамі і фланкіраваны з франтальнага фасада двюма 2-яруснымі (васьмярык на чацверыку) шатровымі вежамі, трэці — 8-гранны светлавы барабан, накрыты звонападобным гранёным купалам. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі адзінарнымі і здвоенымі аконнымі праёмамі, паўкруглымі люкарнамі.
У інтэр'еры акаймаваны балюстрадай светлавы барабан з купальным перакрыццем падтрыманы аркай і 2 слупамі. Апсіда вылучана ярусным разным іканастасам, пры ўваходзе размешчаны хоры. Купальны плафон і грані барабана пакрыты размалёўкай «12 апосталаў» (18 ст.).
Крыніца:
А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001