Уніяцкім храм быў да 1839 года. Архітэктура царквы простая, у традыцыях драўлянага народнага дойлідства: зруб з трохграннай апсідай і прамавугольным двух’ярусным бабінцам. Пакрыты металічным двускатным дахам. Звонку храм абшаляваны і пафарбаваны ў сонечны колер.
Цікавасць прадстаўляе жывапіс, які захоўваецца ў храме. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць іконы Апостал, Ян Багаслоў (абедзве – палатно, алей). Надпіс на адваротным баку аднаго з абразоў сведчыць, што яны напісаны на сродкі Цаткоўскага мастаком Бойка ў 1805 годзе. У іншым плане напісана ікона Мадонна (палатно, алей). Правобразам для яе паслужылі карціны мастакоў італьянскага Адраджэння, што наклала адбітак на яе кампазіцыю і іканаграфію вобраза Мадонны.