Царква Св. архістраціга Міхаіла. У заходняй частцы вёскі Рубель. Пабудавана ў 1796 г. з дрэва. У заходнім баку ад царквы пастаўлена 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая купалам. Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. 3-зрубны храм падоўжна-восевай кампазіцыі: прамавугольны бабінец, выцягнутая па папярочнай восі 8-гранная малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавой рызніцай. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтральнага аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтральны аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае купальна-барабаннае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з 3-вугольнымі сандрыкамі. У інтэр’еры пануе 3-светлавая прастора малітоўнай залы, у якую адкрываецца складаная ветразева-бэлечная канструкцыя падтрымкі 8-граннага барабана. Аналагічна вырашана перакрыцце бабінца і апсіды. У бабінцы вылучаны ярус для хораў, якія адкрыты ў залу вялікім праёмам з балюстраднай агароджай. Апсіда вылучана разным іканастасам. Абразы 18–19 ст.: «Маці Божая Адзігітрыя», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя» і «Святы Мікола Цудатворац». «Хрышчэнне», «Маці Божая Адзігітрыя і святы Мікола», «Спас Пантакратар»; Евангелле ў абкладзе 1773 г.
Царква ўцалела падчас вялікага пажару 23 верасня 1932 г., калі згарэла ¾ дамоў вяскоўцаў з маёмасцю. Германскія нацысцкія акупанты спалілі ў маі-чэрвені 1944 г. прыхадскія вёскі Рубель (730 хатаў) і Хотамель (134 двары) за сувязь з партызанамі, але царква са званіцай захавалася. Пасля Вялікай Айчыннай вайны царква дзейнічала бесперапынна, вернікі не далі яе закрыць. 9 чэрвеня 1993 г. епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан асвяціў у Рублі пабудаваны побач новы храм – царкву Нерукатворнага вобразу Хрыста Збавіцеля. У 2019 г. каля Свята-Міхайлаўскай царквы ўстаноўлены помнік Міхаілу Архангелу (за ахвяраванні святароў, ураджэнцаў Рубельскага прыхода).
Крыніцы: Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. – Мінск: БелЭн, 2001. – С. 175: Вабішчэвіч А. Праваслаўны прыход Міхаіла Архангела ў Рублі // Бэльскі гостінэць. – № 58. – Bielsk Podlaski, 2018. – S. 42–51; Вабищевич А. Н. Рубельский православный приход на Столинщине (конец ХVIII – начало ХХ в.) // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2. Гісторыя. Эканоміка. Права. – 2018. – №1. – С. 17–27. – Режим доступа: http://www.brsu.by/sites/default/files/vesnik/vesnik_brestskaga_universiteta._seryya_2._gistoryya._ekanomika._prava.pdf