Друя гістарычна складаецца з дзьвух частак, падзеленых р. Друйкаю: уласна Друі (Старая Друя) і мястэчка Сапежын. Галоўная вуліца Сапежына - вул. Леніна. Пачатак яе зараз зусім занедбаны і ўяўляе сабою брукаванку сярод лугу. Тут, у самым пачатку вуліцы (прыкладна дом №4-8) размесцілася сядзіба з вельмі старадаўнім замкненым тыпам забудовы (дом і гаспадарчыя пабудовы ўтвараюць замкненую з усіх 4-х бакоў прастору). Дом №14 падобны на жылы дом чыгуначніка (побач некалі была чыгуначная станцыя). Побач - 2-х павярховы дом № 16 або 18. Наступнае фота адлюстроўвае дом на цотным баку, непадалёк ад перакрыжавання з вул. Энгельса. На яго рагу захаваўся слуп ад некалі традыцыйнай 2-х метровай брамы. Насупраць - дом № 31, зараз абкладзены сілікатнаю цэглаю. Падобна на тое, што з яго другога паверху д. Струкаў у 1864 годзе маляваў сучасную вул. Энгельса.