Пабудаваная да 1725 года ў цэнтры в. Чарнякава Бярозаўскага раёна з дрэва як касцёл, перабудаваная ў 1864 г. і пераасвячоная ў праваслаўную царкву, нанава ашаляваная і пакрытая гонтам. У 1868 г. зроблены іканастас і прыбудаваны тамбур. З гэтага часу вядомая як Мікалаеўская царква.
У 1989 г. царква вернута вернікам, дзейнічае.
Царква трохзрубная. Прамавугольны бабінец, амаль квадратны ў плане асноўны зруб і пяцігранная алтарная апсіда накрытыя агульным двухсхільным дахам з ашаляваным шчытом і развітым прычолкам на галоўным фасадзе. Над заходняй часткай пабудовы — галоўка на глухім барабане (раней бабінец завяршала вежа-званіца). Пры ўваходзе да царквы прылягае тамбур, з поўначы — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя.
Інтэр'ер зальны з плоскай бэлечнай столлю. У верхняй частцы бабінца размешчаныя хоры з бакавой лесвіцай. Сцены і столь абшыты дошкамі і пабелены вапнай. Пазалочаны іканастас з разнымі царскімі варотамі, бакавыя ківоты 1868 г., скампанаваныя з точаных калонак і балясін, разных карнізаў, какошнікаў. Абразы 18 — 19 ст.
У заходнім баку ад царквы пастаўлена невысокая шырокая двух'ярусная чацверыковая брама-званіца каркаснай канструкцыі, накрытая шатровым дахам (XIX стагоддзе). Звонку канструкцыйны каркас пабудовы ашаляваны дошкамі, ярусы размежаваны гонтавым адлівам. Другі каркасны ярус апяразаны дашчаным парапетам.