Помнік сакральнага дойлідства Астравеччыны. У 1671 г. за кошт віленскага капітула тут заснаваны драўляны касцёл, а ў 1690 г. пры ім збудаваны драўляны кляштар місіянераў. Паводле архітэктурна-мастацкіх характарыстык існуючы касцёл пабудаваны ў канцы 18 ст., а ў пачатку 20 ст. рэканструяваны. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём і пяцігранная апсіда прэсбітэрыя накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. З боку галоўнага фасада вільчык даха прарэзвае невялікая васьмігранная вежачка, завершаная шатром. Асноўны аб’ём па баках галоўнага фасада фланкіраваны чацверыковымі вежамі, завяршэнні якіх не захаваліся. Тарэц даха закрыты трохвугольным франтонам, які раскрапаваны над вежамі. Невысокі ўваходны прытвор таксама накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам, схілы якога адпавядаюць асноўнаму франтону. Уваходныя дзверы аформлены адмысловай дэкаратыўнай шалёўкай. Сцены ашаляваны гарызантальна з вертыкальнай цокальнай панэллю і ўмацаваны вертыкальнымі сцяжкамі. Вокны маюць лучковыя завяршэнні. Унутры сцены таксама ашаляваны, унізе ўпрыгожаны філёнгавымі нішамі, расчлянёны пілястрамі і завершаны цягай карніза. Столь плоская на падугах. Над нартэксам размешчаны арганныя хоры. Усе гэтыя дэталі маюць рысы барочнага класіцызму і сведчаць пра больш раннюю дату будаўніцтва вялікасвіранскага касцёла, чым 2-ая палова 19 ст. У 1910 г. каля касцёла змуравана двух’ярусная чацверыковая званіца, накрытая шатровым дахам. Глухі ніжні ярус складзены з бутавых камянёў, верхні ярус змураваны з цэглы і прарэзаны з кожнага боку двума высокімі паўцыркульнымі праёмамі