Помнік народнага дойлідства. Складаецца з прамавугольных у плане асноўнага аб'ёму і апсіды, накрытых пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў агульным гонтавым дахам. З боку да апсіды прыбудавана рызніца. З заходняга боку да фасада прыбудавана двух'ярусная чацверыковая шатровая вежа-званіца. Сцены храма вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі.
Зала храма перакрыта падшыўной столлю, папярочныя бэлькі якой адкрыты ў інтэр'ер. Кубападобнае памяшканне апсіды адкрыта ў залу шырокім арачным прасветам. Ніжні ярус званіцы служыць прытворам, над якім размешчаны хоры.