Помнік народнага дойлідства. Храм крыжова-купальны, сіметрычна-восевай кампазіцыі. Да выцягнутага па падоўжнай восі васьміграннага аб'ёму, накрытага шатровым дахам, з 4 бакоў далучаны бабінец, 2 бакавыя прыдзелы і пяцігранная апсіда. У сяродкрыжжы гонтавых дахаў - васьмігранны барабан з шатровым верхам. Над прытворам была трох'ярусная званіца (не захавалася). Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з сандрыкамі.
У інтэр'еры сцены пакрыты шэра-блакітнай тынкоўкай і размалёўкай пад панэлі. Пры ўваходзе ў храм вылучаны невялікія памяшканні тамбура і бакавых клецей.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с.