Навагрудская мячэць — магаметанскі храм у Навагрудку (вул. Леніна, 28). Мячэць вяла службу да канца Другой сусветнай вайны, а за савецкім часам была зачынена і перабудавана ў жылы дом. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.
Пра існаванне мячэці ў Навагрудку вядома яшчэ з XVI стагоддзя. Прывілей на будаўніцтва мячэці ў 1792 годзе навагрудскія татары атрымалі ад караля РП Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які ўхваліў віленскі біскуп. Праз чатыры гады ў Навагрудку на тым месцы адбылося першае служэнне.
У 1855 годзе на месцы старой мячэці на сродкі адстаўнога маёра Аляксандра Асанавіча была пабудавана новая мячэць. Да 1939 года пры мячэці працавала рэлігійная школа — мактаб. У 1945 годзе мячэць была зачынена і перабудавана ў жылы дом. Мячэць у гэтым стане знаходзілася да 1994 года, пакуль яна не была вернута вернікам. Тады пачалася перабудова святыні, і 11 ліпеня 1997 года мячэць аднавіла сваю дзейнасць. Адкрыццё было прымеркавана да 600-годдзя пасялення татараў на Беларусі.
Год пабудовы (перабудовы):1792, 1855, 1994-1997.