Свята-Георгіеўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Валавель, Драгічынскі раён, помнік драўлянага дойлідства з элементамi барока. Пабудавана ў 1766 г. як уніяцкая. З 1839 г. яна стала праваслаўнай.
У 2010 г. былі здзейснены непрафесійныя рамонт і пераробка царквы. Замест барочных галовак пастаўлены псеўдарускія галоўкі-цыбуліны на круглых барабанах, каб надаць храму «сапраўды праваслаўны» выгляд, але парушыўшы пры гэтым закладзеную гармонію.
Прамавугольны асноўны зруб і выцягнутая пяцігранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам з хвалямі над трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і дзвюма чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі фігурнымі банькамі з шасціграннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Падобная галоўка прарэзвае вільчык даху над алтаром. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды прыбудаваныя сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, на галоўным фасадзе ў выглядзе паўцыркульных імпастаў. Інтэр'ер зальны з плоскай бэлечнай столлю. Над уваходам трапецападобныя ў плане хоры.
Каля царквы знаходзіцца двух'ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, накрытая нізкім шатровым дахам.