Палац пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX ст. на месцы мураванага класіцыстычнага палаца канца XVIII ст (вядомы па акварэлі Н. Орды). Аднапавярховы, прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам, мае рысы стылю мадэрн. Цэнтральная частка вылучаная мансардавым паверхам і вялікай тэрасай на чатырох тонкіх разных слупах. Абапал галоўнага ўваходу — крывалінейныя лесвіцы. Планіроўка анфіладная з параднай залай у цэнтры. Інтэр'еры былі аздоблены размалёўкай, разьбой, кафлянымі грубкамі. Пад будынкам сутарэнні.