Першую драўляную царкву ў Безьдзежы збудавалі ў 1-й палове XVII ст. У 1776 годзе для яе адлілі звон, які цяпер захоўваецца ў браме-званіцы. У 1784 на падмурку папярэдняй збудавалі новую драўляную царкву.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) царква працягвала дзейнічаць. Аднак па ліквідацыі Уніяцкай царквы ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі сьвятыню ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату. На загад гарадзенскага генэрал-губэрнатара, у 1865 годзе на вылучаную расейскімі ўладамі суму ў 1000 рублёў царкву рэканструявалі згодна з канонамі Маскоўскага патрыярхату паводле праекту архітэктара М. Барташэўскага. У 1872 годзе для царквы выканалі іканастас з разнымі царскімі варотамі.
У 2000-я гады званіцу перад царквой перабудавалі ў стылі дойлідства Маскоўскай дзяржавы, купалы-бані над царквой замянілі на маскоўскія цыбуліны.