У цэнтра вёскі, на могілках. Пабудавана ў 1875 г. з дрэва, у 1989 г. пашырана і абкладзена цэглай.
Помнік народнага дойлідства. Кубападобны зруб малітоўнай залы аб'яднаны з больш нізкімі 3-сценнымі прырубамі прытвора і апсіды. Асноўны аб'ём накрыты 4-схільным гонтавым дахам, завершаным васьмерыком з пакатым гранёным пакрыццём. Над 2-схільным дахам прытвора надбудавана 4-гранная вежачка-званіца з крыжом над 4-схільным дашкам. Прамавугольны ўваходны праём накрыты кансольнай 2-схільнай навіссю. Неашаляваныя сцены, складзеныя з магутных брусоў, прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутры малітоўная зала перакрыта плоскай столлю. Апсіда вылучана драўляным іканастасам.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007.