Царква вырашана прамавугольным у плане працяглым зрубам, накрытым двухсхільным дахам, пераходзячым над трохграннай апсідай у вальмавы. З боку франтальнага фасада ў дах урэзана чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай, над апсідай узведзены цыбулепадобны купалок на васьмігранным барабане. Арачны ўваходны праём аформлены чатырохслуповым ганкам пад двухсхільным пакрыццём; над ім у цэнтры трапецападобнага фігурнага зашытага шчыта круглая люкарна. Гарызантальна ашаляваныя фасады апяразаны разным падзорам, рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў простых дашчаных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
У інтэр'еры мастацкую каштоўнасць уяўляе алтарны абраз-фератрон «Маці Божая з дзіцем» і «Апостал Фама» (мяжа XVIII—XIX стст., палатно на дошцы, драўляная шата), абраз «Укрыжаванне з прадстаячымі» (мяжа XVIII—XIX стст., палатно, алей).