Царква стаіць у цэнтры вёскі, на адасобленай тэрыторыі. Храм у плане — выцягнуты прамавугольны зруб, да якога з усходняга тарца далучаецца пяцісценная апсіда з 2 рызніцамі. Да бакавых фасадаў прылягаюць 2 невялікія зрубы (бакавыя прыдзелы), якія ў плане ўтвараюць форму крыжа. У цэнтры галоўнага фасада над уваходам — брыль: 2 тонкія слупы падтрымліваюць двухсхільны дах, які ўтварае прамавугольны франтон. Над франтонам макаўка на масіўнай шыйцы. Канструкцыйнае вырашэнне храма складанае. Над асноўным аб'ёмам пануе высокі шацёр з цыбулістым па форме купалам на глухім васьмігранным барабане. Вакол шатра размешчаны 4 прамавугольныя аб'ёмы (адзін з іх на галоўным фасадзе), якія пакрыты двухсхільнымі дахамі. На іх вільчыку, бліжэй да шатра, стаяць 4 цыбулістыя галоўкі на высокіх васьмігранных барабанах. Такім чынам утвараецца пяцігаловая кампазіцыя, характэрная для старажытнарускага дойлідства.
Знешняе дэкаратыўнае ўбранства храма складае шырокі накладны дэкаратыўны пояс накшталт карункаў белага колеру, які праходзіць пад тонкапрафіляваным карнізам. Тонкія лапаткі, дэкарыраваныя геаметрычнымі накладнымі дэталямі белага колеру, упрыгожваюць усе вуглы зрубаў храма.
У інтэр'еры вылучаецца квадратная ў плане зала. Зруб прамавугольны ў плане, частка яго адведзена пад тамбур пры ўваходзе. Тамбур па баках мае службовыя памяшканні, якія аддзелены ад залы драўлянай сцяной у самастойны аб'ём. Квадратнае памяшканне залы пашыраюць 2 прыдзелы па баках, якія раскрываюцца шырокімі прамавугольнымі праёмамі. Зала мае складанае драўлянае перакрыцце — васьмігранная піраміда з усечаным верхам, якая звонку з'яўляецца шатром купала. Пірамідальныя скляпенні пакрыты дэкаратыўнай шалёўкай, абапіраюцца на сцены залы пры дапамозе ветразяў. Бакавыя прыдзелы маюць плоскае бэлечнае перакрыцце, апсідаконхавае скляпенне.
Драўляны двух'ярусны іканастас пабудаваны ў канцы 19 ст. Царква — помнік рэтраспектыўна-рускага стылю, які панаваў у канцы 19 — пачатку 20 ст.
Крыніца:
Т.І. Чарняўская
Памяць. Нясвіжскі раён
Мінск, Белта, 2002