"Раства-Багародзіцкая царква ў в. Астроўкі стаіць на паўночным ускрайку вёскі.
Царква пабудавана у кан. 18 ст. як уніяцкая св. Юр'я. Пераабсталявана і асвячона, як праваслаўная ў 1844 г.
Адзін з найбольш старажытных храмаў раёна, які не страціў першапачатковага выгляду. Надзвычай дасканалыя прапорцыі храма, кантрастны выразны сілуэт, строгі рытм праёмаў і нешматлікія дэкаратыўныя дэталі ствараюць выразны мастацкі эфект. Першапачаткова каля царквы, побач з яе галоўным фасадам, стаяла двух'ярусная зрубна-каркаснай канструкцыі драўляная званіца, якая разам з храмам стварала адзіную мастацкую кампазіцыю (званіца не захавалася).
Царква двухзрубная, падоўжна-восевай кампазіцыі. Да асноўнага прамавугольнага ў плане зруба з усходу прыбудавана пяцісценная апсіда. Па баках апсіды 2 невялікія прыбудовы — рызніцы. Зрубы пастаўлены на мураваны падмурак. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам з вальмамі па тарцах. У цэнтры вільчыку асноўнага зруба невысокая галоўка на васьмігранным барабане. Апсіда мае трохсхільны дах, завершаны маленькай галоўкай — макаўкай. Галоўны фасад мае вертыкальную кампазіцыю.
Бакавыя фасады па гарызанталі складаюцца з бакавой сцяны асноўнага зруба, сцяны апсіды і маленькай сцяны рызніцы. Бакавыя сцены асноўнай часткі рытмічна прарэзаны высокімі прамавугольнымі вокнамі (па 3 на кожным фасадзе).
На бакавым фасадзе, бліжэй да рызніцы, строгую сіметрыю парушае невялікае акно, размешчанае ніжэй асноўных вокнаў. Завяршае кампазіцыю цыбулістая галоўка на вільчыку даху. Кампазіцыю тарцовага фасада завяршае макаўка пад апсідай, якая паўтарае кампазіцыю галоўкі па вільчыку храма, толькі меншых памераў.
У інтэр'еры залавая прастора асноўнай часткі мае плоскае бэлечнае перакрыцце, столь і падлога драўляныя. Алтарная частка аддзелена ад асноўнай залы драўляным аднаярусным іканастасам. Царква — помнік архітэктуры барока.
Перад царквой на магіле Марыі Пратасевіч стаіць мураваная каплічка. Мемарыяльная табліца пашкоджана, захавалася частка тэксту. На царкоўным двары таксама знаходзіцца стэла на магіле палеглых у 2-ю сусветную вайну савецкіх жаўнераў і асобныя магілы удзельнікаў вайны."
Літ.:
Ю.А. Якімовіч
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.
Мінская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1987