Царква пабудавана пасля 1864 г. з дрэва на месцы драўлянага касцёла 1830 г., які быў пабудаваны замест касцёла 16 ст. Да 1990-х гг. у будынку царквы размяшчаўся клуб.
Помнік народнага дойлідства. 3-зрубны храм на падмурку. Прытвор выцягнуты па папярочнай восі, па тарцах завершаны 3-вугольнымі франтонамі з разным дэкорам. Франтон выкарыстаны ў аздабленні 2-схільнага казырка над ганкам галоўнага ўвахода і 5-граннай апсіды. Асноўны кубападобны аб'ём быў трактаваны ў 2 ярусы, завершаныя шматгранным шатровым светлавым барабанам з макаўкай у завяршэнні (заверша не захавалася). Шатровае завяршэнне з макаўкай мела надбудаваная над прытворам званіца. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі фігурнымі ліштвамі з 3-вугольнымі сандрыкамі.
Крыніца:
А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001